Турэмныя эсэ Статкевіча выйшлі асобнай кнігай

У выдавецтве Фонда “Камунікат” выйшла кніга Мікалая Статкевіча “І гэта ўсё ў табе. Зборнік турэмных эсэ”. У выданні аўтар разважае пра чалавечую псіхалогію, інстынкты і тое, чаму людзі па-рознаму паводзяць сябе ў экстрэмальных умовах.

“Як людзі робяць маральны выбар у складаных сітуацыях, як яны робяцца героямі ці здраднікамі, як ператвараюцца ў падонкаў ці застаюцца сумленнымі людзьмі? Каб даць адказ на гэтыя пытанні, я мусіў разбірацца з чалавечай псіхалогіяй. Аж да інстынктаў. Але ў літаратуры па тэме ўцямнага вызначэння чалавечых інстынктаў не знайшлося, а шмат дзе, ўвогуле, адмаўлялася іх наяўнасць у нас, акрамя некалькіх відавочных прымітыўных, што цалкам пярэчыла майму веданню чалавека”, — тлумачыць аўтар, з чаго ўзнікла патрэба выказацца. — “Таму, у галоўным тэксце гэтай кнігі «І гэта ўсё ў Табе», які і даў ёй назву, я мусіў прапанаваць сваё вызначэнне нашых інстынктаў ды іх пералік. А потым, на падставе гэтага, апісаць, як мы робім свой маральны выбар у складанай сітуацыі. Спадзяюся, што разуменне гэтага дапаможа чытачу лепей зразумець чалавечую сутнасць, сябе і ўсё, што адбылося і адбываецца з нашай краінай і намі”.

Навінку ўжо можна замовіць у анлайн-кнігарні “Камунікат”.