Выйшла кніга даследчыка Сяргея Шапрана прысвечаная менш вядомаму аспекту таленту Васіля Быкава — выяўленчаму мастацтву, да якога пісьменніка цягнула з маленства, але ў якім ён не здолеў рэалізавацца напоўніцу, піша “Суполка беларускіх пісьменнікаў”.
“Быкаў. [Пра] мастацтва” — гэта грунтоўнае пяцісотстаронкавае выданне, дзе змешачана больш за 500 ілюстрацый.

Ці захаваліся франтавыя малюнкі пісьменніка, і што ён ілюстраваў у другой палове 1940-х і 1950-х гадах у “Гродзенскай праўдзе”, дзе ў той час працаваў? Якія занатоўваў лекцыі па выяўленчым мастацтве? Каго са славутых жывапісцаў капіяваў і пра каго пісаў? Што звязвала Васіля Быкава з такімі рознымі майстрамі, як Б. Забораў, А. Кашкурэвіч, Г. Паплаўскі, М. Савіцкі, Л. Шчамялёў і М. Шагал? Як выглядаюць на ягоных шаржах блізкія сябры Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч? Як мастакі-графікі жартавалі з Васіля Быкава, і як ён сам кпіў з сябе? Каму прысвяціў апошнія малюнкі? Адказы на многія пытанні чытач знойдзе ў гэтай ілюстраванай манаграфіі.
Кніга ўжо прадаецца ў Менску ў кнігарні “Акадэмічная кніга”.


![Шапран выдаў манаграфію “Быкаў. [Пра] мастацтва”](https://bellit.info/wp-content/uploads/2026/07/746003003_3461470060687041_6784350007652796489_n-90x60.jpg)



