Пераклад галоўнага рамана Айн Рэнд ужо ў продажы

Выдавецтва “Янушкевіч” абвясціла пра старт продажаў галоўнага рамана Айн Рэнд “Атлант расправіў плечы” ў перакладзе на беларускую мову. Гэта грунтоўнае выданне больш як на 1200 старонак у цвёрдай вокладцы.

“Атлант расправіў плечы” Айн Рэнд — маштабны раман-антыўтопія і маніфест рацыянальнага эгаізму. Дзеянне адбываецца ў ЗША, дзе ўрад знішчае свабодны рынак і прыгнятае таленавітых творцаў. У цэнтры сюжэту — Дагні Тагерт і Хэнк Рыярдан, якія спрабуюць выратаваць свае прадпрыемствы ад непазбежнага краху.

Свет трымаецца на розуме і энергіі нешматлікіх рухавікоў прагрэсу — “атлантаў”. Калі яны спыняюць працу з-за сацыялістычнага ціску, цывілізацыя разбураецца. Твор раскрывае філасофію аб’ектывізму, дзе найвышэйшымі каштоўнасцямі з’яўляюцца розум, асабістае шчасце і прадуктыўная праца.

Таямнічы Джон Голт арганізуе страйк найлепшых розумаў чалавецтва, каб даказаць: без творцаў паразітычнае грамадства загіне. Раман Айн Рэнд прымушае задумацца пра ролю асобы ў гісторыі, межы дзяржаўнага кантролю і маральнае права чалавека жыць дзеля самога сябе, гаворыцца ў анатацыі.

Кнігу можна набыць праз сайт выдавецтва Knihauka.com, а таксама ў кнігарні ў Варшаве.