Якія кнігі далей пазмагаюцца за званне найлепшай за 2024?

Арганізатары прэміі радыя абвясціць выбар журы прэміі імя Ежы Гедройця пасля галасавання за доўгі спіс гэтага сезону. Паводле статута, у яго мусяць уваходзіць 12 кніг, аднак сёлета журы выбрала ў спіс 13 выданняў.

“У часе пасяджэння, прысвечанага вызначэнню доўгага спіса, журы прэміі Гедройця прыняло рашэнне павялічыць колькасць пунктаў да трынаццаці ў звязку з супадзеннем галасоў за дванаццатую і трынаццатую пазіцыі ў дадатковым галасаванні”, — тлумачаць арганізатары.

ДОЎГІ СПІС прэміі імя Ежы Гедройця за 2024 год

1. “Мое баба – Діректор морга” Вольга Аполька (Голя з Ополя) (самвыд);
2. “Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме”Вольга Вялічка (выдавецтва Gutenberg Publisher);
3. “Вольнеры. Бясконцы дзень” — Валер Гапееў (выдавецтва “Янушкевіч”);
4. “Гульні Цырцэі. Раман”Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org);
5. “Занзібар. Сталенне маладой душы” — Сяргей Дубавец (выдавецтва “Вясна”);
6. “Стрыжэ і піша” — Сяргей Календа (выдавецтва Gutenberg Publisher);
7. “Перамена месцаў” — Югася Каляда (выдавецтва “Пфляўмбаўм”);
8. “Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода” — Аляксандр Лукашук (выдавецтва “Вясна”);
9. “Апошняе пакаленне” — Макар (выдавецтва “Янушкевіч”);
10. “Жыццё ў дванаццаці апавяданнях” — Аляксей Правалоцкі (выдавецтва “Янушкевіч”);
11. “Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў” — Анка Упала (выдавецтва Alena Kazlova);
12. “Гвалт”Аляксандр Чарнуха (выдавецтва “Янушкевіч”);
13. “Забойства на вуліцы Макаёнка” — Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва Audiobooks.by і выдавецтва “Янушкевіч”).

З гэтага спісу будзе сфармаваны кароткі спіс (6 пазіцый), а пасля вызначацца лаўрэаты прэміі — кнігі, што атрымаюць першае, другое і трэцяе месцы.

Журы прэміі

Журы Прэміі Гедройця традыцыйна аб’ядноўвае вядомых літаратараў і літаратарак, даследчыкаў і даследчыц беларускага пісьменства.

Публічныя сябры журы гэтага сезона:

  • Катажына Дрозд-Урбаньска — беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта;
  • Сяргей Кавалёў — літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса “Studia Białorutenistyczne”;
  • Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, літаратуразнаўца.

Што такое Прэмія Гедройця?

Заснаваная ў 2012 годзе, літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця стала адной з найбольш прэстыжных узнагарод у беларускай культурнай прасторы. Яна адзначае значныя творчыя дасягненні, падтрымлівае аўтараў і аўтарак, фармуе вобраз сучаснай беларускай літаратуры.

Арганізатары

Прэмія арганізуецца Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча ў Мінску і Польскага інстытута.

Сацсеткі прэміі: Instagram, Facebook.