Журналіст і пісьменнік Сяргей Дубавец у чарговым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” расказвае пра кнігу Алеся Пашкевіча “Цясляр волі”, што прысвечаная жыццю і творчасці Алеся Гаруна.
Можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Чым мяне заўсёды ўражвалі кнігарні на захад ад Беларусі, дык гэта тоўстымі, на 500 ці 1000 старонак, кніжышчамі з пазнавальнымі партрэтамі герояў на вокладках, у самых відных месцах, каб адразу было зразумела, што гэта бэстсэлеры зь вялікімі накладамі. У кантэксьце адчувалася, што гэта — вялікая культура. Гэта былі самыя папулярныя выданьні пра самых вядомых і важных герояў — біяграфічныя раманы. Ужо на візуальным узроўні чыталася — вялікія людзі заслугоўваюць вялікіх кніг, напісаных аўтарамі на поўны голас.
Нічога падобнага ў нашых кнігарнях не было. Ценькія біяграфічныя манаграфіі, наадварот, лічыліся другасным жанрам, пісаліся здушана-канспэктыўна і хаваліся дзесьці на задніх паліцах. Дый было такіх кніжак мізэр. У прынцыпе яно ўсё так і засталося ў Беларусі, дзе не відаць ні вялікай культуры, ні выбітных герояў, а самы культ кнігі адмаўляецца, маўляў, не высьпявае гэтая экзатычная расьліна — кніга — у беларускай глебе.
Па выніку ў беларускай літаратуры няма ні традыцыі, ні досьведу пісаць тоўстыя біяграфічныя раманы. Што ўжо на падсьвядомым узроўні характарызуе нашу літаратуру як невялікую і папулярную хіба што ў вузкіх колах. Цяжка ўявіць, каб наша кніга заваблівала кожнага мінака ў адмысловым аддзеле гіпэрмаркету.
Пра ўсё гэта мне ня думалася, а марылася, калі чытаў новую кнігу Алеся Пашкевіча “Цясьляр волі” пра Алеся Гаруна. Чытаньне ня столькі схіляла да гаротнае канстатацыі, колькі малявала ва ўяўленьні іншую рэальнасьць. Кніга натхняла на думкі пра сьветлую пэрспэктыву, бо яна ўжо ня куцая манаграфія, а, хоць пакуль і ня тысячастаронкавы, але цалкам сабе правобраз біяграфічнага раману. Прынамсі, выразны крок у патрэбным кірунку.
***
Ірвінг Стоўн, якога называюць пачынальнікам жанру і які напісаў 25 такіх кніг, між іншым, пра жыцьцё Мікеланджэла, Ван Гога, Дарвіна, Джэка Лёндана, Фройда… гэты самы Ірвінг Стоўн (адразу просяцца словы пра сутнасьць) стварыў у масавай сьвядомасьці пазнавальны і павучальны культ небанальнага жыцьця сваіх герояў, бо сьледам за кнігамі зьяўляліся і папулярныя фільмы паводле іх. Дык вось, Ірвінг Стоўн меркаваў, што “біёграф мусіць быць змагаром, каб узнавіць сапраўднае аблічча свайго героя”.
Іншымі словамі, біёграф мусіць у кнізе — быць, прысутнічаць у тэксьце сваім голасам, сваімі сумневамі ды перажываньнямі, як тое і адбываецца ў кнізе “Цясьляр волі”. Гэта ўжо значны зрух наперад, хоць аўтара і магло быць і хацелася — болей, бо кожны аўтар так ці інакш капае пароду жыцьцёвых сэнсаў як героя, так і сваіх уласных. З гэткага сымбіёзу і вырастае біяграфічны раман.
Што да героя, дык мне сходу не ўдаецца назваць больш арыгінальны ды шматсюжэтны, хоць і надзвычай цяжкі лёс, чым той, які выпаў на долю Алеся Гаруна. І сам герой — нагэтулькі адметная і загадкавая, а таму бясконца цікавая асоба, што сярод першых вартая раману. А яшчэ трэба сказаць пра геаграфію жыцьця, якая расьцягнулася на паўсьвету і чаго толькі не ўключыла ў сябе, хоць бы тую золатаздабычу ў сыбірскім Бадайба, як у згаданага Джэка Лёндана на Алясцы ў часы “залатой ліхаманкі”.
Панарама жыцьця паэта Алеся Гаруна (гэта, калі хто ня ведае, творчы псэўданім Аляксандра Прушынскага), панарама, якую разгортвае Алесь Пашкевіч, маляўнічая і цікавая ў тым сэнсе, што сюжэты і факты самі просяць большага аб’ёму і пранікненьня. Аўтар ужо адчувае тут поўную свабоду, у яго разьвязаныя рукі што да ўласных фантазіяў ці нават відзежаў, і гэта таксама зрух наперад, да вялікага жанру, у якім адзінае, што натуральна стрымлівае біёграфа — гэта вернасьць дакладным фактам.
Мяркую, што працэс тут зусім не такі просты, як можа падацца. Бо разам з Пашкевічам крок да біяграфічнага раману робіць і ўся беларуская літаратура. Фрагмэнтарна такі рух заўважны даўно, але калі гаворка ідзе пра кнігу, пра жанравую цэльнасьць, пра татальную ўнутраную перабудову літаратуры і літаратурнага рынку, то такі працэс пачынаецца менавіта цяпер. Калі малыя кніжкі відавочна хочуць стаць вялікімі і ўжо ня толькі мараць пра гэта, але і думаюць, як гэта зрабіць.
З аднаго боку, такую кнігу адрозьнівае энцыкляпэдычная дасьведчанасьць аўтара, зь іншага — максымальна дакладнае “разьмяшчэньне” героя ў літаратурным ці палітычным ці жыцьцёвым кантэксьце. Урэшце гэта мусіць быць займальнае чытво.
***
Зразумела, пра каго б ні пісаў біёграф, ён піша таксама і пра сябе. І тут адбываецца важная трансфармацыя.
Рэч у тым, што ў беларускай літаратуры склаўся стэрэатып пра цёмны, бадай што прапашчы лёс Алеся Гаруна. А кніга Пашкевіча атрымалася сьветлая і гэта якраз той важны зарад, бо біяграфічны раман цёмным быць ня можа, інакш ён нікому не патрэбны. Аўтар быццам адрываецца ад словаў Васіля Быкава, якія сам і прыводзіць у кнізе:
“Так ужо склалася ў нашай гісторыі, што жыцьцё рэдка песьціла капрызьлівым шчасьцем сваіх песьняроў, аднак лёс гэтага паэта быў асабліва сьляпы і жорсткі. Несправядліва паставіўся ён да аўтара, неміласэрна аднёсься да яго нягучнай, надзвычай душэўнай, поўнай нутраной сілы паэзіі. Мабыць, ня шмат трэба паэту для шчасьця, але яму заўжды неабходна быць пачутым сваім народам. І, мусіць, найбольшаю карай для яго зьяўляецца немата, на якую ён быў несправядліва асуджаны. Алесь Гарун прабыў у немаце ўдвая болей, чым ён пражыў на сьвеце…”
Алесь Пашкевіч асьцярожна ўлакладняе: “А немата тая — не аўтарскае безгалосьсе-немач, а татальнае і мэтанакіраванае замоўчваньне і забарона — і яго імя, і прамоўленых ім слоў…” Маўляў, не пра зьнешнія фактары як вырашальныя ідзе гаворка, а пра героя.
У іншым месцы Пашкевіч гэтае ўдакладненьне разаўе матэматычна:
“Аляксандру Прушынскаму быў лёсам адмераны тэрмін жыцьця ў 33 гады. 103 мінула (на час напісаньня гэтай аповесьці), як яго няма на гэтым сьвеце. З іх 80 гадоў творчасьць ды імя яго былі афіцыйна-ўладна забароненыя. З часу адыходу пісьменьніка прайшло больш стагодзьдзя, і за тое стагодзьдзе ён, хто ці не наймацней і найгаласней выказаў сваю любоў да Беларусі, пацьвердзіў сваю адданасць справамі, быў — ад дня смерці да канца 1980-х гадоў — у нябыце”.
***
У маёй памяці неяк само сабой засталося дзіўнае ўзрушэньне… Які ж гэта быў год? Мабыць, 1987-мы. Стагодзьдзе Алеся Гаруна. У друку забаронена згадваць ня толькі яго творы, але і ягонае імя. Мы, праўда, тагачасныя беларускія “нефармалы” захапляліся ягонымі вершамі, якія адшуквалі або ў галоўнай бібліятэцы ў Менску, ці ў бібліятэцы ў Вільні, або ў саміх беларусаў-віленчукоў, ці ў нашых старэйшых таварышаў. Усё знойдзенае зараз жа капіявалася і тыражавалася ўсякімі саматужнымі спосабамі праз фота ці праз капірку, многае само сабой западала ў памяць.
То ня дудка мая,
Не жалейка,—
Гэта стрэльба мая —
Трохлінейка.
Мы ведалі, што пасьля сыбірскай ссылкі Аляксандар Прушынскі фактычна ўзначаліў Беларускую вайсковую камісію, правобраз свайго, беларускага войска. І параўноўвалі яго з сучасьнікам італьянскім паэтам і камандантэ Габрыэле д’Анунцыо… Вобраз свайго беларускага паэта-вайскоўца захапляў маладыя душы. Гаруна любілі, а ягоная забарона ўспрымалася як чыста антыбеларускі варожы чын.
Але вяртаюся да свайго ўзрушэньня.
І вось зімовым вечарам 1987 году я ішоў па засьнежанай вуліцы Фрунзэ з Дому літаратара, і душу маю перапаўняла цэлая гама пачуцьцяў. Дэталяў і пэрсанажаў ня памятаю, але перажываньне адчуваецца па-ранейшаму. Дык вось. У Доме літаратара хтосьці пад вялікім сакрэтам паведаміў, што заўтра ў Маскве ў “Литературной газете” выйдзе “бомба” — артыкул Уладзімера Казьберука пра Алеся Гаруна, і артыкул гэты, што ўсе разумелі, стане фактычнай і поўнай рэабілітацыяй паэта. Масква тады яшчэ была для Менску сталіцай і на беларускія справы там маглі глядзець ня так пільна, як у Менску, дзе ўсё беларускае і пры тым несавецкае мела досыць нядобразычліўцаў у асяродзьдзях камуністаў і русыфікатараў.
У гаме маіх пачуцьцяў прадчуваньне перамогі мяшалася з трывогаю і сумневамі. Гэта здаецца, што заўтра будзе публікацыя, між тым, з двух бакоў напярэдадні ішлі нэрвовыя працэсы. Тыя, хто рыхтаваў артыкул і спрыяў яго выхаду, сазвоньваліся, хадзілі па кабінэтах, раіліся ў ціхім кутку, разглядалі ўсе магчымыя перашкоды і тое, як іх абысьці. Тое самае рабілі і тыя, хто лічыў Казьберукову публікацыю сапраўднай дывэрсіяй, як бы цяпер сказалі, актам экстрэмізму ці нават тэрарызму. Зрэшты па сёньняшніх мерках гэта і была дывэрсія, за якую зусім бяз жартаў пагражае турма.
Калі назаўтра артыкул выйшаў, гэта было сапраўднае сьвята ўсяго беларускага народа — таго, які ведаў пра свайго паэта і любіў ягоную творчасьць. Ужо ў наступным годзе афіцыйна выйшла трэцяе выданьне яго адзінага зборніка “Матчын дар” з прадмовай Васіля Быкава. Перастройка ўсё ж такі набірала абароты.
***
Важна падкрэсьліць, што кніга Алеся Пашкевіча ператварае вобраз сыбірскага ссыльнага паэта з парынутага злымі сіламі ў цемру, якім ён прыжыўся быў у літаратуры, у сьветлы вобраз чалавека на этапах ягонага жыцьця. Тут сваю ролю сыграў пазытыўны погляд на рэчы самога аўтара кнігі.
Распавядаючы пра паходжаньне Алеся Гаруна, аўтар натуральным чынам адпраўляе чытача ў тую блёсткую высакародную шляхецкую Беларусь з маёнткамі, дварамі, гербамі ды ўборамі, хрэсьбінамі ў Менскім кальварыйскім касьцёле, у Каралішчавічы пад Менскам, якія належалі Прушынскім, а яшчэ гэтаму роду належалі Лошыца, Трасьцянец ды іншыя знаёмыя менчукам мясьціны…
Для мяне асабіста да гэтага дамешваецца і цэлая фантасмагорыя зьвязаных з Каралішчавічамі фактаў у маёй уласнай памяці. Там, у тагачасным доме творчасьці пісьменьнікаў напачатку 1980-х мне давялося быць на нарадзе маладых творцаў, дзе мы зь Сержуком Сокалавым-Воюшам уклейвалі ў вітальны транспарант над уваходам у будынак выразаныя з паперы мяккія знакі, каб вярнуць правапісу дасавецкі выгляд, а пасьля нейкі стары пісьменьнік з кійком хадзіў і гэтым кійком тыя мяккія знакі скалупваў. Гэта была барацьба за водападзел паміж савецкімі і несавецкімі беларусамі. Трэба сказаць, што Алесь Гарун быў несавецкім пісьменьнікам, проста беларускім, а такі і ўспрымаўся за савецкім часам як антысавецкі.
Алесь Пашкевіч распавядае, што тамсама ў Каралішчавічах Ганна Цюндзявіцкая пісала сваю славутую энцыкляпэдыю “Літоўская гаспадыня“, а тамтэйшы касьцёл пабудаваны яе дзедам Станіславам, які быў генэрал-ад’ютантам караля Панятоўскага, а ў тым касьцёле вучыўся граць на аргане будучы “бацька оперы” Станіслаў Манюшка… Словам, паступова ўсёй гэткай фактуры становіцца так шмат, што… бракуе зусім маленькага кроку для разуменьня: куды ж яно падзелася, тое арыстакратычнае, поўнае навукаў ды мастацтваў беларускае жыцьцё, ад якога зусім немагчыма перакінуць масток у нашу сёньняшнюю выпусташаную рэальнасьць.
***
Трэба сказаць, што радасьцяў даўняга шляхецкага жыцьця не засьпеў ужо і Алесь Гарун. У ягоныя школьныя гады гэта ўжо быў Менск, Багадзельная вуліца (цяпер Камсамольская), маці яго працавала ў пральні, а бацька дворнікам, сам Алесь, адвучыўшыся на цесьляра, уступіў у эсэраўскую партыю, што і зьменіць усё ягонае жыцьцё.
У 1907 паэт Алесь Гарун дэбютаваў у друку, а эсэр Аляксандар Прушынскі трапіў у Менскі астрог.
Так пачынаецца ягонае дарослае жыцьцё, якое ў кнізе пазначана разьдзелам “Сібірскія этапы“. Увогуле гэтыя 10 гадоў у кнізе апісаныя, бадай, найбольш па-мастацку. Ня толькі таму, што моцна калярытная тая сыбірская фактура, але і таму, што ўсё адбываецца ў Расеі за сем тысяч кілямэтраў ад нашых мясьцінаў, проста так туды не паедзеш, і таму ўяўлене аўтара мусіць працаваць на ўсю моц:
“Сібірскія этапы…
Без канца і краю.
Ад часоў далучэння заўральскіх земляў да Расіі — яшчэ з ХVІ стагоддзя…
Сібірскі тракт празвалі «кандальным». Пасля антыімперскага паўстання 1863 году тымі бясконцымі этапамі гналі ў год па 20–30 тысячаў «палітычных» арыштантаў, не лічачы крымінальнікаў і «душагубаў»”.
У Менск Гарун вярнуўся ў 1917-м.
Дачытаўшы “Цесьляра волі“ да канца, я так і застаўся ў сваіх марах пра вялікі біяграфічны раман, быццам сама кніга разам са мною марыла пра гэта, быццам у жылах яе цячэ гэткая мара-кроў і гэта само сабою мацуе спадзеў на заўтрашнія перамены, на разьвіцьцё. Таму напрыканцы спашлюся яшчэ на адну думку Ірвінга Стоўна, яго рэкамэндацыю тым, хто бярэцца за жанр біяграфічнага раману:
“Для аўтара біяграфічнай аповесьці гісторыя не гара, а рака. Нават тады, калі ўжо няма магчымасьці адшукаць новыя факты, існуе новае, сьвежае ўспрыманьне, больш сучасная інтэрпрэтацыя, якая асьвятляе старую гісторыю новым сьвятлом і надае ёй новы сэнс“.
Я б дадаў да гэтых словаў: кожны раз новым сьвятлом і кожны раз новы сэнс.
Сяргей Дубавец