13-16 лютага Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні маштабны літаратурны форум. На Міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова з’едуцца музыкі, выдаўцы, кнігараспаўсюднікі, але перш за ўсё — паэты і перакладчыкі, якія прэзентуюць плён сваёй працы за мінулы год.
13 лютага ў супрацы з Vilnius UNESCO literatūros miestas адбудуцца паэтычныя чытанні літоўскіх паэтаў і паэтак з перакладамі на беларускую мову, прымеркаваныя да выхаду новай вялікай анталогіі сучаснай літоўскай паэзіі “Горад на гары”. Кніга прадстаўляе 29 галасоў найноўшай літоўскай лірыкі, многія з аўтараў перакладзеныя на беларускую мову ўпершыню. У вечарыне ўдзельнічаюць Эўгеніюс Алішанка, Грэта Амбразайце, Давіле Багдонайце, Мантас Балакаўскас, Уладас Бразюнас, Ліна Буйвідавічуце, Марус Бурокас, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, Юргіта Яспаніце. (Vilniaus literatų namai, пачатак Šv. Jono g. 11. 18-00)
14 лютага, у дзень нараджэння патрона фестываля Міхася Стральцова, у партнёрстве з Саюзам літоўскіх пісьменнікаў адбудзецца ўрачыстая імпрэза адкрыцця фэсту ў Клубе Пісьменнікаў. Падчас сустрэчы прагучаць вітальныя словы ад суарганізатараў “Вершаў на асфальце”, а таксама будзе абвешчанае імя новага лаўрэата ці лаўрэаткі Літаратурнай прэміі Міхася Стральцова. (14 лютага. Rašytojų klubas, K. Sirvydo g. 6., пачатак 19-00).
15 лютага ў сталічным бар-клубе “Павільёнас” разгорнецца асноўная праграма мерапрыемстываў фэстываля “Вершы на асфальце”. Завершыцца вечар канцэртам гурта Syndrom Samazvanca з прэзентацыяй альбома “Radyjo Niamiha”. (15 лютага. Клуб Paviljonas, Pylimo g. 21B,
пачатак 13-00).
16 лютага ў клубе “Павільёнас” пройдзе апошні чацвёрты дзень фэсту, з прэзентацыяй новых кніг, паэтычнымі чытаннямі і дыскусіямі. Напрыканцы праграмы арганізатары прапануюць далучыцца да традыцыйнай “Ночы паэзіі”. (15 лютага. Клуб Paviljonas, Pylimo g. 21B, пачатак 13-00).
Два апошнія дні, 15 і 16-га лютага, з 13.00 да позняга вечару ў клубе працавацьме кніжны кірмаш незалежных беларускіх выдавецтваў і кнігараспаўсюднікаў. Там можна будзе прыдбаць новыя кнігі і пакамунікаваць з аўтарамі і выдаўцамі.
Дакладная праграма фестывалю з’явіцца бліжэйшымі днямі. Сачыце за абнаўленнямі!
Штогадовы Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова “Вершы на асфальце” запачаткаваны ў 2012 годзе Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Сёлета фестываль арганізоўваецца Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў у партнёрстве з Шведскім саюзам пісьменнікаў, Саюзам літоўскіх пісьменнікаў, Vilnius UNESCO literatūros miestas, Праграмнай Радай тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” і Беларускім ПЭНам.
bellit.info