Сёлета журы прэміі імя Наталлі Арсенневай выбірае пераможцаў за два папярэднія гады. Згодна са статутам прэміі, доўгі спіс вызначаецца ў выпадку, калі поўны спіс мае не менш за адзінаццаць кніг. У поўным спісе за 2022 было шэсць намінантаў, таму журы вызначыць адразу кароткі. А за 2023 год доўгі спіс журы вызначыла з 17 пазіцый.
Такім чынам, за званне найлепшай паэтычнай кнігі 2023 году пазмагаюцца:
- Валянціна Аксак, «Уцёкі з Палесся» (фонд «Kamunikat.org»)
- Ева Арлова, «Невядомы маршрут» (выдавецтва «Паэзія»)
- Марыя Бадзей, «Мёд і дым» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
- Вера Бейка, «Спевы на золку» (выдавецтва «Паэзія»)
- Наста Кудасава, «Я працягваю» (выдавецтва «hochroth Minsk»)
- Дзмітрый Рубін, «Выпадак» (выдавецтва «Skaryna Press»)
- Андрэй Сцепанюк, «Зямля над белай ракой» (праграмная рада тыднёвіка «Ніва»)
- Віктар Сямашка, «Аўтар мае рацыю заўжды» (выдавецтва «Agencja Wydawnicza Ekopress»)
- Ганна Шакель, «Цела мігдалу» (выдавецкая ініцыятыва «Вільма»)
Сёлетні склад журы:
Дар’я Бялькевіч – паэтка, перакладчыца песень. Яе першы паэтычны зборнік вершаў «Слёзы на вецер» атрымаў прэмію Наталлі Арсенневай за 2021 год.
Міраслава Лукша – журналістка, пісьменніца і перакладчыца, аўтарка кніг паэзіі і прозы.
Аляксандр Распапоў – славіст, літаратуразнаўца, перакладчык, доктар гуманітарных навук, дацэнт Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча. Сябра Славістычнай камісіі Польскай акадэміі навук і Еўрапейскага філалагічнага таварыства.
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, пераможца прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2019 год.