У межах супрацы літаратурнай майстэрні для дарослых LITARALNA і ініцыятывы “Кніжны вырай” пабачыў свет першы выпуск зіна “Добры змест”. У выданні апублікаваныя 13 тэкстаў удзельніц і ўдзельнікаў майстэрні, якую курыруюць Аліна Длатоўская і Купалінка.

Удзельнікі LITARALNA сустракалiся кожныя два тыдні з пачатку гэтага году цягам зімы і вясны: шмат пісалі, практыкаваліся і дзяліліся сваімі тэкстамі. Пасля былі адабраныя найлепшыя тэксты, іх трэба было дапісаць, адрэдагаваць, перакласці на польскую мову, намаляваць ілюстрацыі і звярстаць.
“Для большасці ўдзельні:ц гэта першая ў жыцці публікацыя, а для кагосьці — першы завершаны тэкст. Таму, калі ласка, падтрымайце іх сваёй увагай і прачытаннем!” — звяртаюцца да чытачоў куратаркі клуба.
У выпуску зіна тэксты друкуюцца на арыгінальных мовах (беларуская, украінская і расейская) з паралельным перакладам на польскую, які зрабіла Кася Іофе.
Таксама клуб-майстэрня абвяшчае наступны сезон, які пачнецца 19 верасня — форма рэгістрацыі.






