У Бельску адышла ў лепшы свет паэтка Надзея Артымовіч.
Яна нарадзілася 18 лютага 1946 года ў Аўгустове, Бельскага павету на Падляшшы. Дзяцінства Надзеі Артымовіч прайшло ў Бельску-Падляшскім, тут яна хадзіла ў пачатковую школу і Беларускі агульнаадукацыйны ліцэй імя Тарашкевіча. У 1965-67 вывучала рускую філалогію на настаўніцкіх курсах у Беластоку, а ў наступныя гады — беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце, які закончыла ў 1972. Пасля жыла і працавала (у т.л. перакладчыцай) у Варшаве. Сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа» і Саюза польскіх пісьменнікаў з 1986 г. Пасля выхаду на пенсію жыла ў Бельску.
Апошняя ейная кніга “Краявід з невідочнай памылкай” выйшла ў выдавецтве Праграмнай Рады тыднёвіка “Ніва”.
4-га кастрычніка а 17-й гадзіне ў Міхайлаўскай царкве Бельску-Падляшскага пройдзе вячэрня з акафістам, а пасля а 18-й гадзіне паніхіда па Надзеі Артымовіч.
У чацвер, 5-га кастрычніка, а 8-й раніцы там жа адбудзецца літургія, пасля якой адпяванне і развітанне на мясцовых могілках.
Шчыра спачуваем усім прыхільнікам яе надзвычайнага таленту, яе родным і блізкім, сябрам і паплечнікам. Светлая памяць пані Надзеі.
Фота: Павел Гжэсь