Міра Лукша атрымала званне “Заслужанай для горада”

Пісьменніца, журналістка і перакладчыца з Падляшша Міра Лукша атрымала Ганаровую адзнаку прэзідэнта горада Беластока “Urbi Meritus — Заслужаны для горада”.

Прэзідэнт Тадэвуш Трускаляскі падчас суботняй урачыстасці, арганізаванай у межах Дзён горада, уручыў медалі тым асобам, якія асаблівым чынам спрычыніліся да развіцця і прамоцыі Беластока, паведамляе “Рацыя”.

Адзнакай і медалём ганаруюцца — творцы, самаўрадаўцы, спартоўцы, навукоўцы, грамадскія дзеячы. Сярод іх Міра Лукша, якую адзначылі за ейны творчы здабытак, за пісанне на беларускай і польскай мовах, за творчую прамоцыю пагранічча культур і народаў.

“Гэта цудоўны жэст прызнання працы, якая не толькі фарміруе нашу мясцовую тоеснасць, але і з гонарам прасоўвае Беласток па ўсёй Польшчы і за яе межамі”, — пракаментавалі навіну ў Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку

Віншуем спадарыню Міру Лукшу!

Міра Лукша – паэтка, празаік, журналістка, перакладчыца. Усё прафесійнае жыццё звязаная з тыднёвікам беларусаў у Польшчы "Ніва". Летась адзначыла 50-годдзе сваёй творчай дзейнасці. Лаэўратка літаратурнай узнагароды прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага.

Загалоўнае фота: Аляксандр Васылюк