Бярозкін: крытык, якога двойчы рэпрэсавалі

3 ліпеня — спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэньня беларускага крытыка Рыгора Бярозкіна (1918-1981). Сталінскі вязень, герой вайны, гэты чалавек, па словах Алеся Адамовіча, заставаўся непераўзыдзеным узорам таго, як трэба пісаць пра беларускую літаратуру.

Нарадзіўся Рыгор Бярозкін у Магілёве 3 ліпеня 1918 года. Бацька яго быў бухгалтар, маці – работніца панчошнай майстэрні. У сям’і расло чацвёра дзяцей. Але ўжо з 1922 года – без бацькі. Жылі бедна. Скончыўшы сямігодку, Рыгор паступіў адразу на трэці курс педагагічнага рабфака ў Магілёве, пасля якога ў 1933 годзе быў прыняты на літаратурны факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, дзе вучыўся да 1938-га (з перапынкамі на паўтары гады). У 1938 годзе 20-гадовы юнак працаваў загадчыкам аддзела крытыкі ў рэдакцыі часопіса „Полымя рэвалюцыі”, потым – літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1938 – 1939). У 1939 годзе Рыгора Бярозкіна прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР і прызначылі загадчыкам аддзела крытыкі газеты „Літаратура і мастацтва”. За два месяцы да вайны – 26 красавіка 1941 года ён быў арыштаваны органамі НКВД.

Пісьменніка ўзялі на вакзале, калі ён чакаў цягнік, каб ехаць у камандзіроўку па заданні рэдакцыі. Сказалі: „Пагаворым. Паедзеце заўтра…”. Але „размова” зацягнулася… 3 гэтага часу Рыгор Бярозкін знаходзіўся пад следствам у сувязі з абвінавачваннем ва ўяўнай антысавецкай агітацыі і прыналежнасці да антысавецкай арганізацыі. 26 чэрвеня 1941 года, калі нямецкія войскі набліжаліся да Менска, калону зняволеных вывелі з турмы на расстрэл, Рыгору Бярозкіну пашчасціла застацца ў жывых. У некаторых крыніцах адзначаецца, што ён пакінуў канвой і ўцёк. Так і было. Ён уліўся ў плынь бежанцаў, што цягнуліся на ўсход і дайшоў да роднага Магілёва. Ваенкамацкіх там не збянтэжыла, што пры ім не было ніякіх дакументаў: з разбомбленага, ахопленага полымем Менска бездакументных прыходзіла шмат.

Калі апынуўся неўзабаве ў войску, стараўся там як мага менш прыцягваць да сваёй персоны ўвагу. Ваяваў шараговым, камандзірам аддзялення. Пад Сталінградам быў цяжка паранены. Адляжаўшыся з прастрэленымі абедзвюма рукамі паўгода ў шпіталях, вярнуўся зноў у шыхт, у пяхоту. У канцы 1944 года юнака перавялі ў газету свайго танкавага корпуса. Усяго ён аддаў арміі восем гадоў жыцця. Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі і чатырма медалямі. Пасля вайны Рыгор Бярозкін быў карэспандэнтам газеты Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Германіі „Советское слово”. У канцы чэрвеня 1949 года яго запрасілі на Другі з’езд пісьменнікаў Беларусі. А неўзабаве пасля вяртання ў Берлін – 9 жніўня 1949 года Рыгор Бярозкін быў арыштаваны другі раз і ў чэрвені 1950 года засуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Зняволенне адбываў у лагерах Казахстана і Сібіры (Карагандзінскай і Омскай абласцей) чорнарабочым на будаўніцтве шахтаў і электрастанцый. Рыгор Бярозкін быў вызвалены ў лістападзе 1955 года – са зняццем судзімасці і дазволам удзельнічаць ва ўсіх відах грамадскай дзейнасці, уключаючы літаратурную, а рэабілітаваны канчаткова ў ліпені 1956 года. У літаратурнае жыццё ён уключыўся амаль без перапынку на адаптацыю. Яго першая, пасля вяртання, публікацыя з’явілася ў “ЛіМе” 10 снежня 1955 года.

Рыгор Бярозкін быў бліскучым знаўцам паэзіі. Яго памяць утрымлівала безліч паэтычных радкоў і твораў. У найцяжэйшых лагерных умовах Рыгор Бярозкін па памяці стварыў кнігу пра творчасць Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі. Заставалася „ўсяго толькі” запісаць тэкст, зверыўшы памяць з паэтычнымі крыніцамі… Першая кніга „Паэзія і праўда” Рыгора Бярозкіна выйшла ў свет у 1958 годзе, калі яму было сорак гадоў. Як пісаў пазней крытык Віктар Каваленка, высокі ўзровень гэтай і наступных кніг Рыгора Бярозкіна напачатку 1960-х гадоў, садзейнічаў уздыму ўсёй беларускай крытыкі. У 1956 – 1967 гадах крытык даследаваў пераважна паэзію. У канцы 1950 – пачатку 1960-х гадоў ён напісаў артыкулы, у якіх імкнуўся аднавіць імёны таленавітых паэтаў, жорстка і несправядліва выкрасленых з жыцця і літаратуры, вітаў прыход новых творцаў, падсумоўваў дасягненні беларускага прыгожага пісьменства. У 1960 – 1970-я гадах ён даследаваў пытанні культуры творчасці, майстэрства творчых індывідуальнасцей, тэорыі жанраў, псіхалогіі творчасці і г.д.

Адзінаццаць кніг Рыгора Бярозкіна выйшлі ў свет пры жыцці аўтара і адна – „Паэзія – маё жыццё” – праз восем гадоў пасля яго смерці ў 1989 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя