З новым годам!

Дарагія сябры,

за некалькі гадзін да новага 2024 года хочацца сказаць некалькі словаў падзякі тым, хто быў сёлета з намі.

Дзякуем нашым пісьменнікам і пісьменніцам, паэткам і паэтам, перакладчыкам і перакладчыцам, якія, нягледзячы ні на што, працягвалі ствараць і пераствараць новыя вершы і прозу, верылі ў будучыню, рыхтавалі кнігі, працавалі над імі разам з рэдактарамі і карэктарамі.

Дзякуем нашым выдаўцам і кнігараспаўсюднікам, якія, нягледзячы ні на што, верылі ў будучыню, выдавалі новыя кнігі, працавалі з аўтарамі і дызайнерамі, рабілі рэкламныя кампаніі, ездзілі на імпрэзы і прадавалі кнігі, рассылалі па ўсім свеце, дзе толькі жыве беларускі чытач.

Дзякуем нашым чытачам, якія, нягледзячы ні на што, верылі ў будучыню, цікавіліся беларускай кнігай і навінамі пра кнігі, хадзілі на сустрэчы з аўтарамі, куплялі кнігі для сябе, сваіх дзяцей, сваіх блізкіх, чыталі і перачытвалі іх, падтрымлівалі і папулярызавалі беларускую літаратуру.

Дзякуем нашым дарагім падпісчыкам і чытачам Bellit.info — увесь год мы стараліся прыносіць вам навіны пра ўсё, што адбываецца ў беларускай літаратуры. І збіраемся рабіць гэта й налета.

Са святам! Няхай будзе добрым для вас новы 2024 год!

Рэдакцыя bellit.info