У выдавецтве “Беларуская навука” выйшла факсімільнае навуковае выданне “The Great Art of Artillery of Casimir Simienowicz / Вялікае мастацтва артылерыі Казіміра Семяновіча” на аснове асобніка, які быў надрукаваны ў Лондане ў 1729 годзе.
Факсіміле падрыхтавалі супрацоўнікамі Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Піліпам Падбярозкіным і Вадзімам Урублеўскім на падставе ангельскай версіі трактата нашага земляка Казіміра Семяновіча “The Great Art of Artillery” (Лондан, 1729), які захоўваецца ў фондзе ЦНБ Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.
Як тлумачаць выдаўцы, упершыню ў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі прыводзяцца сведчанні, якія паказваюць беларускае паходжанне і мэтавую аўдыторыю Казіміра Семяновіча, прынцыпы і спецыфіку перакладу трактата на ангельскую ў 1729 года, адметнасці літаратурнай традыцыі і навукова-тэхнічнай тэрміналогіі артылерыйскай справы XVII стагоддзя.
Праца Казіміра Семяновіча (каля 1600 — каля 1651) першапачаткова выйшла на лацінскай мове ў 1650 годзе, досыць хутка набывае вядомасць і становіцца падручнікам па артылерыі. У кнізе прадстаўлены канструкцыі ракет, запальных снарадаў і іншых піратэхнічных прыстасаванняў. Менавіта Казімір Семяновіч упершыню прадставіў ідэю выкарыстання рэактыўнага руху ў артылерыі. Вялікі раздзел прысвечаны калібрам, канструкцыі, будове і якасцям ракет (вайсковых і грамядзянскіх), у тым ліку шматступеньчатых ракет, ракетных батарэй і ракет са стабілізатарам.
Крыніца фота і інфармацыі: facebook.com