5 верасня 1893 года ў Налібаках нарадзіўся Язэп Фарботка, кансультант беларускай дэлегацыі на перамовах з УНР, паэт, літаратуразнаўца, перакладчык, удзельнік беларускага грамадзка-палітычнага руху пачатку ХХ стагоддзя.
Першыя вершы Фарботка надрукаваў у Нашай Ніве ў 1912 годзе — «Зацьменьне» і «Зруйнаваў». Таксама ён пераклаў ўрывак Пана Тадэвуша на беларускую мову.
У 1914 г. скончыў клясычную гімназію ў Менску, навучаўся на фізыка-матэматычным факультэце ў Кіеўскім унівэрсытэце да 1918. У 1916 г. удзельнічаў у працы клюбу «Беларуская хатка». Далучыўся да беларускага палітычнага і культурнага руху ва Ўкраіне і ў Менску у пэрыяд 1918—1920.
У 1918 годзе Фарботка быў кансультантам і кіраўніком справамі беларускай дэлегацыі на перамовах з Украінскай Народнаю Рэспублікаю. У склад дэлегацыі ўваходзілі Аляксандар Цьвікевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі і іншыя. На перамовах абмяркоўваліся як вайскова-палітычныя пытаньні, так і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Ўкраіны. У Кіеве была створаная сумесная гандлёвая палата, Беларуска-Ўкраінскае Таварыства Збліжэньня. Дэлегацыя забясьпечыла ўкраінскія пастаўкі харчаваньня ў Беларусь.
Пасьля прыходу бальшавікоў Фарботка працаваў акторам у «Беларускім савецкім тэатры», быў супрацоўнікам літаратурна-асьветніцкага аддзелу Наркампроса Літоўска-Беларускай ССР, адміністратарам Беларускага тэатру ў Менску.
У тым жа 1920 годзе пераехаў у акупаваную Польшчай Заходнюю Беларусь, дзе займаўся навукаю. З 1920 па 1924 студыяваў у Віленскім унівэрсытэце, пасьля працаваў там выкладчыкам заалёгіі. У 1932 абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Займаўся мастацкай фатаграфіяй, быў чальцом «Віленскага фотаклюбу» Яна Булгака. Працаваў таксама ў Ваяводзкай управе ў Вільні ў сельскагаспадарчым аддзяленьні.
Пасьля Другой Сусьветнай Вайны арыштаваны савецкімі ўладамі і сасланы ў Данбас. Напрыканцы 1945 пасяліўся ў Лодзі, дзе памёр у 1956 г.