Рэдакцыя bellit.info традыцыйна падказвае, дзе пачытаць літаратурныя творы, што з’явіліся ў адкрытым доступе цягам апошняга часу. Сёння — падборка за першую палову снежня.
Ранішняя песня, Сільвія Плат: “Уночы мятлік твайго дыхання / Трапеча між пляската-ружовых руж. Я абуджаюся, каб слухаць: / У вуху далёкі мора шум” — музычная паэзія трагічнай амерыканскай паэткі ў перакладах Юлі Цімафеевай у анлайн-часопісе Taubin.
Адам Глобус распавядае гісторыю афармлення кніг Вячаслава Адамчыка ў эсэ “Тата і мастакі. Словы пра пісьменніка Вячаслава Адамчыка”, публікацыя на сайце часопіса “Дзеяслоў”: “Тата выбраў Міколу Селешчука. Мікола прыходзіў да нас дамоў. Маці частавала яго каваю, зваранай у турцы на маленькім агні. Тата расказваў, што любіць кнігі, у аздабленні якіх выкарыстана шэрае натуральнае палатно. Яшчэ тата перадаў Селешчуку пачак фатаздымкаў, зробленых у вёсцы, якую ён апісваў у рамане. Таму афармленне рамана “І скажа той, хто народзіцца” атрымалася самым старанным. Мікола не проста рабіў ілюстрацыі – пісаў цэлыя карціны алеем на палатне. Цікава, што на выставе, якую сябры рабілі Селешчуку пасля ягонай трагічнай і заўчаснай смерці, ілюстрацыі да татавага рамана падаваліся проста як маленькія карціны, і нідзе не пазначалася, што яны ілюструюць беларускую прозу. Напрыканцы мушу сказаць, што тата быў задаволены тым, што зрабіў Мікола”.
Тут жа, у “Дзеяслове”, публікацыя п’есы Франсуа-Анры Сулье, Мары Гюлля “Ровар дзеля свабоды” ў перакладзе з французскай мовы Яны Гульцяевай. Мары Гюлля – акторка, выкладчыца акторскага майстэрства і красамоўства. Праводзіць тэатральныя варштаты для людзей усіх узроставых груп, але актыў ней за ўсё працуе з дзецьмі і падлеткамі. Суаўтарка і выканаўца галоўнай ролі п’есы «Ровар дзеля свабоды» (2010). Франсуа-Анры Сулье – драматург, актор, сцэнарыст, рэжысёр-пастаноўшчык. Заснавальнік лялечнага тэатра Le Théâtrophone (Мантабан). Лаўрэат прэміі за першы раман Міжнароднага фестываля дэтэктыўнага кіно ў Боне (Францыя, 2016), аўтар шматлікіх п’ес і дзесяці раманаў.
“Я заўсёды лічыў прыгожым, але занадта парадаксальна завостраным афарызм Оскара Ўайлда пра тое, што мастацтва — гэта люстэрка, у якім адлюстроўваецца не жыцьцё, а той, хто ў яго глядзіцца. Пісьменьнік нават называе па імені гэтую істоту, кажучы пра гнеў шэксьпіраўскага Калібана, які бачыць (або не) у люстэрку сваё адлюстраваньне. Цяпер разумею, што кароль парадоксу не перабольшваў. Бо сёлета беларусы на ўласныя вочы пабачылі такога Калібана, і нават не аднаго, а цэлую зьяву дзяржаўнага калібанізму“, — новае эсэ Андрэя Хадановіча “Беларусь і прывіды дзікага палявання” на сайце Dekoder.
Добрага чытання і добрых выходных!